ЯЧЭ́ЙКА ПА́МЯЦІ ЭВМ,
сукупнасць запамінальных элементаў (ці ўчастак запамінальнага асяроддзя), прызначаных для захоўвання інфармацыі ў памяці ЭВМ; састаўная частка запамінальнага прыстасавання. Мае індывідуальны адрас ці канал для звяртання да яе.
Асн. характарыстыка — фіксаваная даўжыня, г.зн. найб. колькасць двайковых знакаў (бітаў) інфармацыі, якая можа адначасова ў ёй захоўвацца, звычайна роўная даўжыні машыннага слова (ці кратная ёй) і ў залежнасці ад класа ЭВМ складае 8, 16, 32 ці больш бітаў. Агульны лік Я.п. ЭВМ вызначае ёмістасць яе памяці.
т. 18, кн. 1, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)